Мини-музей в учреждении дошкольного образования

З мэтай адраджэння роднай мовы,  развіцця ў дашкольнікаў цікавасці да нацыянальнай культуры, пашырэння ўяўленняў пра абрады і звычаі беларусаў, фарміравання пачуцця гонару за багатае культурнае наследдзе  беларускага народа, у дзяржаунай установе адукацыі «Яслі-сад №40 «Крынічка» г. Салігорска»  у 2009 годзе быў створаны міні-музей “Беларуская хатка”. Размешчаны міні-музей у асобным памяшканні на другім паверсе ўстановы. Менавіта тут ўпершыню дзеці бачаць нацыянальны касцюм, посуд, мэблю, прылады працы. Усе гэтыя прадметы выклікаюць у дзяцей вялікі інтарэс да  мінулага, пашыраюць іх ўяўленні аб жыцці продкаў. Наведваецца міні-музей выхаванцамі ўсіх узроставых груп сумесмна з педагогамі ў адпаведнасці з састаўленым графікам.

Распачалі збор старадаўніх рэчаў педагогі нашай установы дашкольнай адукацыі, пазней ідэю падтрымалі выхаванцы і іх бацькі. У фондзе нашай хаткі знаходзіцца звыш 32 экспанатаў музейнага прызначэння. Экспанаты размешчаны на паліцах, стэлажах, прымацаваныя да сцен, стаяць на падлозе. Асноўная маса экспанатаў – гэта натуральны прадукт, якімі карысталіся сяляне:  посуд, розныя сельскагаспадарчыя прылады працы, прылады ткацтва, прадметы дыкаратыўна-прыкладного мастацтва.

Пачэснае месца ў нашай хатцы займае макет печы. Менавіта яна  адыгравала ў сялянскай хаце нязменную ролю: абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся. Печ і падпечак — месца знаходжання добрага духа, дамавіка, галоўны абавязак і клопат якога — сачыць за тым, каб сям’я добра жыла. Аповяды,  расказаныя гульнёвым персанажам – дамавіком,   дапамагаюць данесці да дзяцей матэрыял больш цікава і даступна. 

У печы знаходзіцца гліняны посуд; збанкі, гарлачыкі  для захоўвання прадуктаў;  чыгункі для прыгатавання ежы; драўляная ступа, бойка. Каля печы стаіць пячны інвентар: качарга, вілы,чапяла і  хлебная лапата.  Побач, на паліцы, знаходзяцца рэчы, якімі карысталіся беларускія сяляне ў побыце:  тарка, пранік, гэбель, прас, дошка для прання, куфар.

Адно з самых старажытных промыслаў беларусаў – ткацтва. У народным ткацтве захавалася гісторыя беларускага народа і яго майстэрства. У нашай музейнай хаце знаходзяцца некаторыя прылады ткацтва: мяліца,  прасніца,  матавіла, калаўрот. 

Рознымі колерамі вясёлкі, шматлікімі ўзорамі захапляюць наведвальнікаў міні-музея  вырабы з тканіны:  ручнікі, узорныя посцілкі, сурвэткі, абрус, карункі, нацыянальныя касцюмы. Разглядваючы экспанаты, дашкольнікі даведваюцца, што раней усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі на ручніках і посцілках.  Гэтыя рэчы не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах.

Сярод  экспанатаў нашага музея — цудоўныя лялькі ў неверагодна прыгожых сукенках з лёну і саломы.

Нездарма кажуць, што самыя сапраўдныя цацкі — самаробныя. Яны — як жывыя. З лёну, з воўны і з саломы, да якіх прыемна дакранацца, бо ў кожная з іх – нібы жывая істота са сваёй непаўторнай гісторыяй нараджэння. Такія цацкі не толькі цешаць вока, але і дазваляюць даведацца больш пра культуру і  жыццё свайго народа. Галоўнае, што кожная з лялек у нацыянальным касцюме. Кожная на фартушку і на гарсэце мае дэкаратыўныя элементы: стужкі, пампоны. Саламяна-льняныя “дзяўчаты” прадстаюць перад наведвальнікамім міні-музея за паўсядзённай працай і ў час адпачынку, каб як мага паўней перадаць каларыт беларускіх традыцый. Акрамя таго, з саломы можна пабачыць ў музеі і найпрыгажэйшыя пано, шкатулкі.

Пачэснае месца у міні-музеі таксама займаюць гліняныя вырабы (посуд, вазы, статуэткі). Гліняны посуд заўсёды знойдзе сабе прыдатнае месца на кухні. У гліняных гаршчэчках смачна запякаецца бульба і каша з салам, з глінянага кубка смачна п’ецца квас, а з гладыша — малако. У гліняных гаршках добра і надзейна захоўваецца мёд.

Міні - музей "Беларуская хатка" пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. Экспанаты выкарыстоўваюцца на занятках па азнаямленню з звычаямі і традыцыямі беларускага народа, на занятках па выяўленчаму мастацтву, пры правядзенні беларускіх гульняў, а таксама

народных святаў: "Масленiца", "Купалле", "Калядкi", "Восеньскі кірмаш" і іншыя. У музейным кутку праводзяцца тэматычныя заняткі, на якіх дзеці знаёмяцца  з прадметамі сялянскага побыту, вопраткай, музычнымі прыладамі; дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам Беларусі; з традыцыямі беларускага народа. Пры арганізацыі заняткаў педагогi  выкарыстоўваюць розныя мастацкія  сродкі: загадкі, прыказкі, прымаўкі, песні, казкі.

У дапамогу педагогам распрацаваны канспекты заняткаў, экскурсій у міні-музей, зместам якіх сталі старадаўнія беларускія традыцыі і звычаі, узаемадзеянне чалавека з прыродай, адлюстраванне жыцця беларусаў, іх побыт. Састаўлены картатэкі беларускіх народных, карагодных  гульняў, забаўлянак, фізкультхвілінак.

Наведвальнікамі міні-музея з’яўляюцца не толькі выхавацелі і выхаванцы  нашай установы, але і бацькі. Ім дазваляецца памераць лапці, “узбіць” масла ў маслабойцы, пакруціць кола калаўрота, разгледзець зблізу вышыты рушнік,  сурвэткі, вопратку, якую насілі сяляне, патрымаць у руках верацяно, вілкі, граблі і іншыя экспанаты. У звычайным музеі дзіця - толькі пасіўны сузіральнік, а тут  – актыўны удзельнік, сааўтар, творца.

Развіццё беларускай дзяржаўнасці, лёс духоўнай спадчыны ў многім залежаць ад  культурнай арыентацыі маладога  пакалення. Вельмі важна ўжо зараз выхоўваць асобу дзіцяці ў актыўнай жыццёвай пазіцыі. Яны павінны усвядоміць асабістую адказнасць за лёс сваёй Радзімы, жаданне берагчы і абараняць яе, ведаць і памятаць традыцыі свайго народа, любіць сваіх блізкіх і паважаць беларускі народ!

 

У міні -музеі й "Беларуская хатка» знаходзіцца:

 

1.Традыцыйнае   адзенне пач.ХХст.: лапці, кашуля,  спадніца, нагавіцы.        

             

2.Керамічны посуд  канец ХХст. Радашковічы:  збан,  гладыш,  спарыш,   гаршчок, гляк, слоік.

3.Саламяная цацка                   

4.Капялюш

5.Салома, пляценне  канец ХХ ст.

6. Гліняная свістулька   

7.Валак  пач. ХХст.дрэва  в. Таль Любанскі р-н

8.Качалка

9.Гліняная цацка 

10.Маслёнка дрэва. Тачэнне. Пач.ХХ.ст. Мінская вобл.

11.Куфэрак Дрэва, салома, аплікацыя Жлобін канец ХХст.

12.Скарбонка Дрэва, салома, аплікацыя Жлобін канец ХХст.

13.  Посцілка  Лён, воўна, ткацтва  пач.ХХст. в.Гарадзішча Крупскі р-н

14. Абрус сяр.ХХст. в. Сарачы Любанскі р-н

15. Верацяно дрэва. пач.ХХст.   

16.Сукала

17.Торба   Лён. Ткацтва. ХХ ст.

18.Прасніца з ільнянымі ніткамі дрэва, расфарбоўка,  пач.ХХст. любанскі р-н

19.Кошык : пляценне канец ХХст.

20.Кош:  лаза. Пляценне  кан.ХХст.

21. Сурвэткі: бавоўна, вышыўка гладдзю Сяр.ХХст.

22.Прас: кавальства. Кан.19ст.

23.Падсвечнік: кавальства ХХст.

24. Ліхтар

25. Лапата: дрэва, даўбанне ХХст.

26.Пісанкі :в. Мазалі Салігорскі р-н

27. Бёрда

28. Ручнік: сацін, вышыўка гладдзю Сяр.ХХст. Любанскі р-н

29. Калыска                     

30. Хаднік:  бавоўна, ткацтва сяр.ХХст., Крупскі р-н

31. Пано: салома, пляценне кан.ХХст.

32. Гаспадарчы посуд: ганчарства, ХХст.